top of page
srff.jpg

"Не беларуская назва ў кнігі пра Беларусь"

dadalog пагутарыў з фатографкай, дызайнеркай і арт-дырэктаркай 34mag.net Касяй Сырамалот пра яе кнігу The Belarus Book, эмiграцыю і жыццё ў Беларусі.

18.09.2021

Пачнём з The Belarus Book. Кніга выйшла зусім нядаўна, але, нягледзячы на абмежаваны тыраж і немалую вартасць, яна дастаткова хутка прадаецца. Ці разлічвалі Вы на такі своеасаблівы ажыятаж, і ці мог ён быць магчымым 10 год таму?

Кніга сапраўды стала бестселерам. Вядома, тут сышлося мноства фактараў. І тое, што ў мяне назбіраўся архіў, і тое, што быў час на выпрацоўку ўласнага бачання і вандроўкі. 10 год таму такі ажыятаж быў у цудоўнага альбома і кнігі Артура Клінава «Горад Сонца». Падзеі апошняга года сапраўды дадалі вагу кнізе, але камерцыйна яшчэ больш паспяховай яна была бы ў іншай абстаноўцы. Былі планы рабіць вельмі яркую прэзентацыю ў адной з культурна значных залаў Менску, зрабіць канцэрт з гэтай нагоды, запрасіць шмат прэсы. Таму на маю думку кніжка сама цесна ўпісалася ў гісторыю і дыктавала, як і што нам рабіць. Кніжка меркавалася як расповед пра Беларусь, у тым ліку для замежнікаў, а нечакана сталася своеасаблівым «сямейным альбомам» краіны.

DSC05593.jpg

«Чаму я пачала здымаць Менск, а пасля і Беларусь? Мо таму, што не мела перад вачыма прыкладаў, якія б паказвалі ўсе тыя эмоцыі, што я адчуваю. Яны былі на гравюрах Орды, на старых фотаздымках, але ў сучаснасці я не магла знайсці патрэбнай канцэнтрацыі. Яна была ў літаратуры, у музыцы, у жывапісе. Мне хацелася захаваць свае пачуцці і эмоцыі даступным мне спосабам. Патлумачыць самой сабе горад і краіну, у якіх я жыву. Захаваць сабе тую крохкую Беларусь, той вобраз, які я бачыла і які мяне пераследаваў з месца да месца. Я бачыла жыццё гарадоў і вёсак, заняпад і перараджэнне цэркваў і касцёлаў, бачыла, як пустыя месцы ператвараюцца ў віруючыя і пульсуючыя выспы новай культуры, а пасля зноў знікаюць. Я вельмі цешуся, што бачыла ад самага пачатку нараджэнне феномена вуліцы Кастрычніцкай і людзей, якія сваёй працай і ўпартасцю адбудоўвалі горад пад сябе».

З прадмовы Касі ў кнізе The Belarus Book.

Адкуль увогуле такая не беларуская назва ў кнігі пра Беларусь?

Я думала над назвай доўга. Мне прапаноўвалі нешта накшталт «Мая Беларусь», альбо назваць зусім неяк выкшталцона ў стылі арт-праектаў. Мне падаецца, галоўная характарыстыка дзесяцігоддзя ў тым, што беларусы нарэшце ўпісаліся ў сусветную культуру і гэта быў асноўны перыяд, падчас якога краіна нарэшце займела амбіцыі і пачала іх рэалізоўваць. Мяркую, асноўная праблема беларусаў у мінулым — адсутнасць амбіцыйнасці ў добрым сэнсе. Усе гэтыя «я тут побач пастаю пагляджу» і «ды не, я ніхто» — мне гэта вельмі брыдка. Няўменне заяўляць пра сябе, свае жаданні і залішняя найграная сціпласць — гэта вялікая праблема. Таму The Belarus Book для мяне гучыць дастаткова гучна, амбіцыйна і сучасна. Тое, што яна на беларускай і ангельскай мовах, а самае галоўнае — на ўніверсальнай візуальнай мове, на маю думку, дадае кнізе яшчэ болей балаў. Мне б хацелася, каб пра цудоўную краіну Беларусь ведалі не толькі самі беларусы. 

DSC05352.jpeg
DSC05378.jpeg

«Гады працы ў digital паказалі — хочацца мець нешта, што можна кранаць рукамі. Калі ў цябе ёсць кніга, ты яе ўжо не выдаліш з вінчэстара, яна будзе існаваць у многіх людзей па дамах. Гэтая ідэя мне вельмі падабаецца — нават калі фотаздымкі знікнуць у мяне, іх ужо не высечы. Таму мне хацелася ўсё гэта сабраць»

— Кася Сырамалот у падкасце 34mag.

Пераглядаючы кнігу, асабіста ў мяне складаецца ўражанне, што вось гэтыя цёплыя і атмасферныя фотаздымкі, асабліва пра Менск, быццам бы засталіся ў незваротным мінулым. І хоць фізічна ўсё засталося на сваім месцы, адчуванні зусім іншыя. Ці змянілася Ваша стаўленне да кнігі праз год, і калі так — якім чынам?

Асабістыя ўражанні на тое і асабістыя, што ў кожнага яны розныя. Мне падаецца, ружовыя аблокі над горадам дасюль прыгожыя і ружовыя, людзі сталі яшчэ прыгажэйшымі, позіркі больш шчырымі. Я ведаю, што многія людзі глядзяць кнігу з пачуццём незваротнай настальгіі, але гэта выбар кожнага — з якім настроем глядзець. Спадзяюся, усё ж нехта глядзіць з алоўкам, каб запісаць свае ідэі на будучыню, запомніць месцы, куды трэба паехаць ці ўпісацца ў рэстаўрацыю. У рэшце рэшт я б не забывалася, што сапраўднае бярэцца з мінулага, і ўсе тыя людзі, якіх мы заўважаем цяпер, добрыя і не вельмі, жылі з намі ўвесь гэты час. Магчыма, заўсёды прыходзіць момант вылазіць з унутранай ізаляцыі і бачыць горад такім, які ён ёсць і быў заўсёды — прыгожы і палохаючы адначасова. Для мяне Менск чарговы раз даказаў, што ён сапраўдная сусветная сталіца, бо толькі буйныя гарады здольныя ўмяшчаць у сябе столькі болю, мэтанакіраванасці і столькі прыгажосці.

_MG_1190.jpg

Дарэчы, пра Менск — калі судзіць па Інстаграму, Вашыя любімыя месцы ў Менску: набярэжная Свіслачы каля вышкі на Камуністычнай і Асмалоўка. Папраўце мяне, калі я памыляюся, а калі не — чаму яны?

Па-першае, гэта проста месцы, дзе я праводжу болей за ўсё часу і дзе мне падабаецца гуляць. У кожным горадзе ёсць вуліцы і паркі, якія фарміруюць атмасферу горада, а ёсць планаваныя спальныя і прамысловыя раёны, якія ўяўляюць цікавасць для ўрбаністаў як пляцоўка для развіцця ідэй. Але «твар» гораду для мяне фарміруе праспект з паралельнымі вуліцамі, будынкі Лангбарда, рака і паркі з водным дыяметрам — гэта тое, дзе для мяне бачная творчая задума тых людзей, якія сапраўды стваралі адметную архітэктуру.

296A5479-2.jpg

У Вашым інтэрв'ю для 34travel было пытанне, як змяніўся Менск за апошнія 10 год. Мяркую, не варта ўдакладняць, як змяніўся Менск за год, але — як працягваць жыць, хадзіць на мерапрыемствы і займацца сваёй справай цяпер?

Гэта вельмі турбулентны час для ўсіх. Усё, што адбываецца, мы адчуваем нашмат вастрэй. Прыгожае робіцца яшчэ прыгажэйшым, музыка набывае свой сэнс як ніколі і дапамагае адчуваць, нешматлікія мерапрыемствы — гэта месцы, у якіх мы адчуваем сябе найбольш жывымі. Калі параўноўваць з тымі ж 2018–2019, калі ўсё падавалася настолькі добрым, што аддавала несапраўднасцю і пластыкам, цяпер цікавы час каб адчуць, што значыць жыццё насамрэч і якія мы людзі. Нездарма рыцараў і герояў у казках і легендах раскрываюць выпрабаванні, так гартуецца характар і так мы можам для сябе адкрыць, хто мы такія, якія мы і якое наша атачэнне насамрэч. Гэта дастаткова каштоўная інфармацыя, якая была глыбока схаваная за тлустым слоем інфапылу. Такі вопыт жыцця ўплывае на саму будучыню ў цэлым, на стаўленне да свету. Сапраўдныя каштоўнасці адчуваюцца мацней, а другаснае адразу адкідваецца і становіцца бачна, як шмат было непатрэбнага і несапраўднага ў нашым жыцці. 

 

Я мяркую, за апошні год мы назіралі сапраўдны і шчыры «бум» цікавасці да культуры і раскрыцця творчага патэнцыялу далёкіх ад творчасці людзей. Такога немагчыма было б уявіць, калі б не было знешніх фактараў. У цяжкі час кожны чалавек, які думае сваёй галавой, прыходзіць да тых самых высноў, да якіх прыходзяць і астатнія. Мяркую, так ці інакш гэта час, калі немагчыма заплюшчваць вочы і збягаць ад праблем. 

Для мяне жыццё ў 2021-м — заканамерны вынік 10-годдзя. Калі ты расплюшчваеш вочы, то ты няўмольна пачынаеш бачыць, і трэба прымаць рашэнне, што з сабой рабіць. Культуралагічна я прыняла для сябе рашэнне, што мне вельмі цікава назіраць, бо мы сталі сведкамі сапраўднай гісторыі, такія перыяды адкрываюцца нячаста, таму назіраць, рабіць высновы і працягваць рабіць сваю паўсядзённую працу — гэта тое, што проста дазваляе не губляць свядомасць.

Эміграцыя ў Беларусі за апошні год набыла нечуваных маштабаў, асабліва гэта тычыцца мастацкага сектару. Сёлета вясною, калі я не памыляюся, Вы самі на некаторы час з’язджалі з краіны, але потым вярнуліся — што стала прычынай гэтаму, і як Вы самі асабіста ставіцеся да такой масавай мастацкай эміграцыі?

Я з’ехала толькі на тыдзень у снежні 2020-га, да таго ж была нагода: мы запускалі 34home — новы праект у Кіеве для ўкраінскага рынку. Я мяркую, што эміграцыя — натуральны працэс для тых, хто хоча заставацца ў бяспецы, і разумею многіх людзей. Для сябе я вырашыла, што адзіным для мяне плюсам эміграцыі і была б бяспека, з астатняга я бачу толькі мінусы. Да таго ж, я не магу кінуць сям’ю, бо мая сястра цяпер знаходзіцца ў Гомельскім СІЗА, і мне хочацца быць побач з бацькамі, я хацела мець магчымасць бачыць сястру на судзе, лавіць яе позіркі, пісаць лісты і насіць перадачкі. Мне было б складаней знаходзіцца ў бессэнсоўным стане чакання, а пераехаць у іншую краіну я не марыла ніколі, бо я такі чалавек, што хутчэй сама ствару для сябе прыгожую атмасферу, чым прыеду на ўсё гатовае. 

 

Беларусь у гэтым плане — тая краіна, дзе дакладна разумееш культурны ландшафт, маеш магчымасць размаўляць «на роўных» з любым беларусам, адчуваеш прастору краіны сваёй, таму тут немагчыма рабіць нешта другаснае. Я дастаткова шмат падарожнічала, каб зразумець, што людзі паўсюль аднолькавыя, і свет стаў аднолькавым, а прастору вакол сябе можна дастаткова хутка змяняць, калі ёсць жаданне, што паказаў вопыт вуліцы Кастрычніцкай.

20210913_201136.jpg

Зараз, калі мы больш ці менш прызвычаіліся да кавіду і ўмоў перасячэння беларускай мяжы, шмат хто аднаўляе падарожжы, але Вы, судзячы з усяго, як і раней, ездзіце па краіне. Чаму так? І куды б зараз Вы хацелі паехаць за мяжу?

Надзіва так атрымліваецца, што я не асабліва адчуваю моцны дыскамфорт з-за таго, што пакуль што складана выехаць. У рэшце рэшт, ніхто не абавязаны праводзіць кожны свой водпуск за мяжой. У пэўны час гады два-тры таму, калі мяне бачылі знаёмыя, дзяжурным было пытанне: «Куды збіраешся ў падарожжа цяпер?» Я сапраўды вельмі шмат дзе была, у большасці краін Еўропы, у Штатах, Японіі. Але для мяне стала істотным спыняцца, каб азірацца і «пераварваць» той мінулы вопыт, які далі падарожжы, рабіць нешта сваё на аснове атрыманага вопыту. 


Гэты вопыт патрэбны нам для таго, каб зрабіць добрым тое месца, дзе мы знаходзімся большы час. Быць вечным вандроўнікам — гэта моцна вымотвае, бо за гэтым я не вельмі бачу мэту. Пандэмія дала нам гэты час каб спыніцца, азірнуцца і паглядзець: а што ж навокал? Я сапраўды моцна змяніла фокусы за апошні час, і гэта мяне і радуе, і крышку пужае адначасова. Цяпер, наглядзеўшыся свету, адчуваю, што прыйшла мая чарга рабіць нешта вартае і перапрацоўваць увесь назапашаны вопыт. Да таго ж, гэта выдатная магчымасць у спакойным тэмпе звярнуць увагу на Беларусь. Я чым больш падарожнічаю па краіне, тым больш не разумею тых людзей, якія кажуць, што Беларусь маленькая. Па маіх уражаннях, яна гіганцкая, і з цягам падарожжаў я назіраю эфект усё большага пашырэння.

bottom of page