top of page
лнев.jpg

Папярэднікі dadalog'а: культурныя выданні Беларусі ў мінулым

29.01.2021

Dadalog у чэрвені будзе святкаваць два гады ад пачатку існавання. Гэта зусім кароткі тэрмін, але час ад часу мы пачынаем задумвацца: што будзе далей, куды рухацца? Ці не спаткае нас доля тых, хто ў нейкі момант вырашыў спыніцца? Таму мы вырашылі зрабіць падборку журналісцкіх праектаў пра культуру, створаных ужо пры незалежнай Беларусі, і высвятліць, чым яны займаліся раней і што з імі адбываецца зараз. Важна: мы ведаем пра дзяржаўныя часопісы, але гэты тэкст менавіта пра незалежныя праекты.

ART-AKTIVIST

1.png

Анлайн-праект дзейнічаў у перыяд з 2011 па 2014 год. Зараз рэсурс працуе як архіў матэрыялаў, зробленых за гэты трохгадовы перыяд, плюс зрэдку з’яўляюцца пасты ў Facebook.

ART-AKTIVIST з’явіўся на фоне падзей канца 2010 года, выступаючы пэўным індыкатарам палітызацыі мастацкага жыцця краіны, у процівагу тым мастакам, якія абралі для сябе шлях неўмяшання ў палітычныя працэсы. Каманда праекта ставіла мэтай пазбавіць сучаснае нефармальнае беларускае мастацтва ад клішэ «партызаншчыны» з пераходам у паўнавартасны арт-актывізм. Але не толькі актывізацыя нефармальнага — журнал быў акцэнтаваны менавіта на кансалідацыю культурнай супольнасці ва ўмовах яе разрозненасці паміж сабой. Заснавальнікам і галоўным рэдактарам праекта лічыцца мастак і крытык Сяргей Шабохін. Апошнія пяць год мастак жыве і працуе ў Польшчы.

2.gif

З 2015 года на базе ART-AKTIVIST дзейнічае KALEKTAR — платформа архівавання, аналізу і папулярызацыі сучаснага беларускага мастацтва. Праект аб’ядноўвае пад сабою рэсурсы розных кірункаў: энцыклапедычную базу INDEX, курс лекцый пра сучаснае мастацтва ФАК, зборнік нарысаў пра творы сучаснага беларускага мастацтва ZBOR, і, адпаведна, навіны платформы.

4.png

pARTisan

10.png
11.png

Друкаваны (у мiнулым) культурны альманах pARTisan пазіцыянуе сваю дзейнасць як даследніцкую, аглядаючы і аналізуючы тэндэнцыі ў сучасным беларускім і замежным мастацтве — для апошніх pARTisan распрацоўваў асобныя спецвыпускі:

«Мы даследуем і прэзэнтуем самыя актуальныя, вострыя, спрэчныя з’явы ў беларускай культуры: арце, літаратуры, музыцы, кіно, тэатры. Мы ствараем і развенчваем куміраў, канструюем і руйнуем міфы, насаджаем і адмаўляем каштоўнасці».

Часопіс быў заснаваны беларускім мастаком, фатографам і арт-крытыкам Артурам Клінавым ў 2002 годзе, спачатку як друкаваны альманах, з 2009 часопіс пачаў выпускаць калекцыі-галерэі беларускага сучарта, а з 2012 года pARTisan iснуе ўжо ў анлайн-фармаце.

Пасля такіх шыкоўных папяровых рэлізаў альманах, здаецца, знікае ў інтэрнэт-прасторы, але нагадвае пра сябе ў сакавіку мінулага года выхадам друкаванай pARTisanki — альманаха, зробленага рэдактарскай групай пра жанчын-мастачак. Таксама pARTisan актыўна працуе ў сацсетках, асабліва ў апошні час.

Музычная газета

7.png
8.png

На момант свайго з’яўлення «МГ» была адной з нешматлікіх выданняў не толькі на постсавецкай прасторы, але і ў свеце (!), дзе на рубяжы дзевяностых-нулявых можна было даведацца пра актуальныя падзеі ў музычнай сферы. Як прыклад, нечаканы для нас факт — брытанскі гурт Radiohead за месяц да рэліза свайго найбольш паспяховага (як выявілася) альбома OK Computer дасылае яго ў рэдакцыю газеты, пра гэта распавёў Зміцер Безкаравайны.

Першапачаткова асновай каманды часопіса былі ўласна галоўны рэдактар Аляксандар Зеленер, а таксама Зміцер Безкаравайны (зараз — музычны крытык, піяр-менеджар, кіраўнік праекта experty.by і MediaCube Music). Пасля да каманды далучыўся Алег Клімаў, вядомы беларускі музычны журналіст і крытык, які неўзабаве і змяніў Зеленера на пасадзе галаўрэда «МГ».

Акрамя распісаных на месяцы наперад рэлізаў «Музычная газетa» займалася як перакладам замежных калямузычных артыкулаў і інтэрв’ю, так і працай з айчыннымі артыстамі. Фішкай часопіса таксама была магчымасць выказацца для ўсіх: журналістаў, крытыкаў, музычных фанатаў розных плыняў. Ды і стыль матэрылаў заўсёды адрозніваўся лёгкасцю, даступнасцю для шырокай аўдыторыі. Асобны момант — дызайн вокладак, манера падачы тэксту ў часопісе.

«Музычная газета» праіснавала з 1996 па 2007 год, зачынілася праз адсутнасць фінансавання. Як распавядаў галоўны рэдактар «МГ» Алег Клімаў, пасля закрыцця газеты былі дзве спробы адрадзіць яе, але спыненне праекта якраз прыпала на хуткае распаўсюджанне інтэрнэта, калі друкаваныя часопісы пачалі адыходзіць на другі план, а біяграфію музыкі, афішу альбо навіны можна было лёгка знайсці самому.

Культпрасвет

14.png

«Культпрасвет» выглядае як такі сабе своеасаблівы анлайн-аглядач тэатральнага і мастацкага жыцця ў Беларусі і свеце, аналізуючы і асвятляючы іх найбольш актуальныя цікавыя падзеі.

Інтэрнэт-праект складаўся з трох асноўных частак: афіша культурных падзей у краіне, іх агляд; аналіз тэатральных імпрэзаў і мастацкіх падзей, інтэрв’ю з культдзеячамі — у рубрыцы героі. Таксама партал асобна меў навінавы раздзел, падборку культурных гайдаў.

Акрамя часопіса «Культпрасвет» — гэта яшчэ і агенцтва па арганізацыі і развіцці культурных праектаў, пачынаючы з інфармацыйнага суправаджэння івэнтаў і заканчваючы іх тэхнічным забеспячэннем гукам, святлом, сцэнічным абсталяваннем. Сярод найбольш вядомых мерапрыемстваў, створаных ва ўзаемадзенні з «Культпрасветам»: Belarus Fashion Week, музычныя вечары каля Ратушы, арганізацыя TEART

15.png

Праект прыпыніў сваю дзейнасць у лістападзе 2018 года. Як паведамілі аўтары «Культпрасвета», часопіс «накіроўваецца ў бестэрміновае падарожжа», але абяццаюць вярнуцца.

Да таго як ствараўся гэты матэрыял, мы ведалі пра існаванне ня ўсіх гэтых культурніцкіх часопісаў. З розных прычын — напэўна, шмат у чым мы арыентаваліся на ўласную інтуіцыю таго, як выглядае сучасная беларуская культура і мастацтва, не маючы патрэбы ў вопыце папярэднікаў. Альбо таму, што мы ў асноўным пазіцыянуем сабе як анлайн-праект, тады як мінулыя мастацкія праекты (за выняткам Культпрасвета і ART-PARTIZAN) так і не змаглі прыстасавацца да ўмоў глабальнага распаўсюджання інтэрнэту. Невядома, праўда, ці быў гэта свядомы крок — магчыма, яны не мелі б такога каларыту і напоўненасці, які быў характэрны іх «жывым» друкаванкам.

А гэты каларыт сапраўды быў — не верылася нават, наколькі шыкоўныя і разнастайныя былі гэтыя праекты, распаўсюджанасць іх шырылася далёка за межы краіны, а стылёвасць таксама нічым не саступала замежным праектам. Dadalog’у ёсць на што арыентавацца: калі раптам наш праект некалі прыпыніць сваё існаванне, хацелася б, каб пра яго гэтаксама напісалі  нашы паслядоўнікі і згадалі нас...

bottom of page