top of page
оборвыш для шапок!!!!!!.jpg

Віртуалізацыя беларускага тэатру DramaTechie

25.08.2021

30 чэрвеня прайшоў фінал 16 сезону конкурсу сацыяльных праектаў Social Weekend. Сярод фіналістаў праект DramaTechie — ініцыятыва для стварэння спектакляў з выкарыстаннем тэхналогій VR / AR / XR. Праект перамог адразу ў трох намінацыях, а перад фіналам SW мы сустрэліся з камандай DramaTechie і пагаварылі пра тое, як можна віртуалізаваць тэатральную сцэну нашай краіны і ці толькі сцэну.

received_352380092909710.jpeg

Марыя Таніна (злева) — рэжысёр эксперыментальных тэатральных пастановак.

 

Юлія Ворык (справа) — прадзюсер тэатральных праектаў, працуе ў IT-сферы, кірунак PR-маркетынгу.

Якім чынам будуць ужывацца тэхналогіі VR, AR (дапоўненая рэальнасць), Robotics у тэатральным спектаклі?

Юлія: Усё залежыць ад таго, з якой ідэяй да нас у DramaTechie прыйшоў чалавек. Наша асноўная мэта — дапамагаць творчым калектывам распрацоўваць свае праекты, калі яны захочуць выкарыстоўваць тэхналогіі. Гэта можа быць віртуальная прастора, афлайн-сцэна, анлайн-праменад — усё залежыць ад таго, чаго хоча сам рэжысёр. У нас няма нейкіх рамак, абмежаванняў — усё адрозніваецца, усё даступна, любая ідэя вітаецца. Галоўнае, каб мы змаглі знайсці рэсурсы для ўвасаблення гэтай ідэі.

Што ўбачыць глядач, калі апране VR-акуляры — віртуальнае адлюстраванне сцэны, акцёраў?

Юлія: Магчыма, такіх праектаў у бліжэйшы час у распрацоўцы не будзе. Не факт, што мы зараз выйдзем на рынак з праектам па віртуальнай рэальнасці. Але калі ён здарыцца, карыстальнік зможа паглядзець тэатральную пастаноўку ў сябе дома, ці ж гэта будзе нейкае сцэнічнае рашэнне, для якога будзе патрэбна дадатковая неабходнасць надзець акуляры ў глядзельнай зале, каб бачыць акцёра з нейкімі дадатковымі штукамі. Наша мэта — узяць творчыя праекты на прадзюсіраванне і давесці іх да стварэння канчатковага прадукту, выпуску і манетызацыі.

 

Мы робім індустрыю новага часу, таму што зараз тэатр Беларусі прадстаўлены ў парадыгме традыцыйнага класічнага тэатра. Нейкім эксперыментальным праектам, незалежным тэатральным трупам і творцам вельмі складана прыйсці кудысьці і сказаць: «Вось у мяне ёсць такая ідэя, хачу яе ўвасобіць».

received_224666126151981.jpeg

Марыя: Цяпер тэатр можа быць абсалютна ўсюды, неабавязкова абмяжоўвацца нейкай прасторай. Неабавязкова гэта павінна быць сцэна — «скрынка», да якой мы ўсе прывыклі. Гэта не павінна быць нейкім чорным кабінетам — тэатр можа быць і жыць усюды: на вуліцы, у вас дома, у тэлефоне, дзе заўгодна. Тэатр, як любы культурны прадукт, можна зрабіць даступным, прывесці яго ў новы фармат. Хоць фармат не такі ўжо і новы, таму што падобныя эксперыменты з выкарыстаннем у інтэрнэт-асяроддзі віртуальнай рэальнасці пачыналіся яшчэ ў пачатку 2000-х гадоў, калі з'явіўся інтэрнэт і арт-прадстаўнікі сталі рабіць нейкія цікавыя культурныя праекты.

Ці правільна я разумею, што ў бліжэйшы час вы не плануеце рэалізоўваць праекты, звязаныя з VR?

Марыя: VR — не, AR — так.

Юлія: Мы толькі запускаемся, у партфоліа нашых распрацовак ёсць чатыры праекты, два з якіх мы вядзём актыўна. Таму на дадзены момант у нас ёсць ідэі ўзяць у рэжысёра праект і ўкараніць віртуальную рэальнасць. Мы працуем пакуль з тым, што ёсць. У нас ужо ёсць бізнес-структура, першыя напрацоўкі, мы запусцілі работу па распрацоўцы праекта «Калі я вырасту», знайшлі тэхнічных спецыялістаў, партнёраў для гэтага.

Пра адзін з праектаў, «Горад, якога няма», вы ўжо згадвалі ў эфіры Еўрарадыё. Хацеў бы ўдакладніць, як наогул гэты праект адносіцца да тэатра?

З інтэрв'ю Юліі для Еўрарадыё: «Праект уяўляе сабой аўдыяспектакль з элементамі дапоўненай рэальнасці і калабарацыяй з архітэктурным бюро. Уявіце, што ў нейкіх архітэктараў ёсць ідэі, чарцяжы мадэляў, якія па якіх-небудзь прычынам не маглі быць рэалізаванымі. Гледачам прапанавана выкарыстаць мабільны тэлефон, праслухаць у навушніках нейкую драматургічную гісторыю, праходзіць ад кропкі да кропкі, якую мы выбудуем [на вуліцах Мінска], і ў яго ёсць магчымасць навесці тэлефон на гэты аб'ект, убачыць, што магло б быць разам з гэтым расказам. Гэта таксама тэатральны прадукт, хоць гэта і не спектакль у яго звыклым разуменні — тут задзейнічаны рэсурсы драматурга, усю канцэпцыю выбудоўваў рэжысёр».

Марыя: Тэатр можа быць абсалютна любым. Ён не мае ніякіх межаў, а DramaTechie якраз тая ініцыятыва, якая нясе ў сабе гэтую філасофію. Яна стварае і падтрымлівае праекты, якія выходзяць за рамкі, звыклыя для разумення, пашырае межы. Гэта могуць быць спектаклі на розных платформах, на розных пляцоўках. Напрыклад, на вуліцы, на заводзе; наш спектакль будзе на вуліцы, але ў тэлефоне, Instagram. Такая з'ява называецца site-specific — нестандартнае размяшчэнне твайго арт-прадукту, спектакля.

received_988006898620867.jpeg

Чым AR, VR больш карысны/лепшы за звычайны анлайн-спектакль на youtube?

Юлія: Я лічу, zoom- або анлайн-спектакль — гэта добра, але тут губляецца досвед карыстальніка, магчымасць «памацаць» вачыма, адчуць яго па-іншаму. Не проста паглядзець на экране — сысці з нечым, што цябе кране, не важна, ці будзе гэта фізічны аб'ект, або digital-асяроддзе. Проста экран не можа перадаць такія пачуцці чалавеку. І таму мы кажам што AR і VR — таксама тэатр: паміж табой і экранам не ўзнікае тонкай сувязі, хутчэй, сувязь узнікне паміж табой і адчуваннямі, якія падорыць табе дапоўненая рэальнасць.

Марыя: У першую чаргу, гэта саўдзел — тое, што дае і выклікае пэўныя эмоцыі, дазваляе нам перажыць пэўны вопыт. Digital-тэатр накіраваны на тое, што наш глядач становіцца саўдзельнікам дзеяння. Гэта не аддалены працэс, гэта тое, з чым ён можа ўзаемадзейнічаць.

Падобныя тэхналогіі ствараюць штучнае, нежывое асяроддзе для жывога ўзаемадзеяння акцёраў і гледачоў у тэатрах — ці не здаецца вам, што гэта можа нашкодзіць тэатру ў яго агульным разуменні?

Юлія: Мы не будуем AR-тэатр. У рамках DramaTechie у нас ёсць праекты, у якія будзе інтэгравана дапоўненая рэальнасць. Мы будуем экасістэму праектаў, якія хочуць атрымаць рэалізацыю ў тым ліку з дапоўненай рэальнасцю. Наша мэта — ствараць праекты новага фармату, для таго, каб у Беларусі з'явіўся тэатральны рынак як культурны кластар, прывабны для інвестыцый. Чаму мы пачалі з тэхналогій? З імі прасцей зайсці ў інвестыцыйныя фонды, дагрукацца да спонсарскіх магчымасцяў — проста так культурныя ініцыятывы не знаходзяць фінансаванне, і таму не могуць быць рэалізаванымі. Я размаўляла з тэатральнымі прадзюсарамі з розных краін — усе кажуць, што гэта вельмі складана, таму што многія брэнды, якія хочуць цябе падтрымаць, не вераць, што тэатр можа быць карысным для іх бізнесу. А мы як раз хочам даказаць, што тэатр можа быць карысным, можа быць крутым для інвестыцый і можа быць сапраўды крутым бенефітам.

 

Марыя: Зноў-такі, мы гаворым аб тым, што гэта іншы прадукт. Мы не адмаўляем значнасць класічнага тэатра, класічных пастановак. Мы не гаворым пра тое, што ўсё старое памерла, і мы вас зрушым з месца, запалонім ім рынак. Гэта іншы выгляд. Тут ёсць асаблівая спецыфіка ўзаемадзеяння з гледачом. Гэта цэлы канцэпт-план, які выбудоўваецца і пішацца пад пэўны праект. Мы прадумваем усе хады, прадумваем, як можа адрэагаваць глядач. Гэта тое ж самае, што і распрацоўка гульняў — мы загадзя вызначаем крокі і алгарытмы, робім так, каб глядач быў з намі ў пастаянным кантакце, узаемадзейнічаў з нашым асяроддзем, той прапановай, якую мы яму арганізоўваем і робім.

received_795174091168783.jpeg

На які вопыт вы абапіраліся пры стварэнні праекта?

Юлія: На рынку Беларусі нічога падобнага наогул няма, і я пачала вывучаць у Інтэрнэце, як тэхналогіі выкарыстоўваюцца ў іншых краінах. За мяжой ёсць VR-тэатры, праекты з дапоўненай рэальнасцю. У Канадзе ёсць цэлая лабараторыя, дзе выкарыстоўваюць штучны інтэлект для перформансаў. У замежных краінах творчыя калектывы ўжо стварылі такія напрацоўкі, гэта дапамагае яшчэ гучней заяўляць пра сябе на міжнародным рынку, спрабаваць прыцягваць інвестыцыі. Таму мы не нешта новае, мы проста хочам стварыць такую нішу ў Беларусі, спрыяльную для развіцця.

Ваша асноўная матывацыя займацца ўсім гэтым?

Юлія: Самая мая глабальная матывацыя — стаць фондам, які будзе дапамагаць рэалізоўваць тэатральныя праекты. Першай справай мы хацелі б пачаць з простага прадзюсарскага цэнтра, спрабаваць прыцягваць інвестыцыі. Сапраўды хочацца, каб сфармаваўся тэатральны рынак і мы існавалі як індустрыя. Складанасці ў выглядзе пандэміі і сацыяльных праблем сталі той кропкай, ад якой мы адштурхнуліся для таго, каб ствараць свой праект.

Хто стаіць за тэхналагічным забеспячэннем праекта, працай з віртуальнай і дапоўненай рэальнасцю?

Юлія: На дадзены момант для праектаў Машы «Горад якога няма» і «Калі я вырасту» мы знайшлі партнёрства ў асобе прадстаўніка AR-студыі Канстанціна Петрашко, ён курыруе нас з тэхнічнай экспертызай. Плюс, у нас ёсць партнёрства з IT-школай My Freedom, яны далі нам магчымасць супрацоўнічаць з іх студэнтамі па кірунку 3D-мадэлінгу. І ў нас ёсць 3D-мадэлеры, якія далучыліся да праекту.

Цяперашняе класічнае тэатральнае асяроддзе Беларусі, па маіх адчуваннях, досыць кансерватыўнае само па сабе. Ці плануеце вы супрацоўнічаць з ім?

Марыя: У тэатральных дзеячаў ёсць вялікая зацікаўленасць у тым, што мы прапаноўваем. Успрымаюць па-рознаму, але ў асноўным яны праяўляюць цікавасць. Ім хацелася б убачыць гатовы прадукт, каб было зразумела, што гэта. У нас ёсць Праектны тэатр, ён існуе досыць даўно і даволі паспяхова. Зараз па шэрагу прычын тэатр не можа рэалізаваць свае пастаноўкі, і так як запыт на эксперымент быў у прасторы ўжо даўно, людзі вельмі ахвотна згаджаюцца паўдзельнічаць у эксперыментальных пастаноўках. У тым ліку і тыя, якія працуюць у дзяржаўных тэатрах, мы заўсёды адкрытыя да прапаноў. Але зноў жа, усё гэта залежыць ад мыслення чалавека, яго жадання.

bottom of page