
Мастацтва па-за палітыкай
Ці магчыма? Адказваюць мастакі і музыкі
03.04.2021
Iлюстрацыя: Людміла Навакоўская
Падзеі апошніх месяцаў у Беларусі паказалі беспрэцэдэнтную актывізацыю і салідарнасць культурнай супольнасці, гістарычных аналагаў якой сярод іншых краін складана адшукаць. Тым не менш такая салідарнасць закранула ня ўсіх – нямала прадстаўнікоў мастацкай сферы так і не адрэагавалі на сітуацыю ў краіне. З розных прычын. Але з самых разнастайных аргументаў маўчання, напэўна, найбольш займальным нам выдаецца «творчасць па-за палітыкай». Чаму займальным — мы не першая краіна, для каго гэта пытанне так і застаецца адкрытым і дыскусійным; ды і наўрад ці мы хацелі б, каб яно закранула і нас. Мы вырашылі даць магчымасць выказацца пра гэта прадстаўнікам розных мастацкіх кірункаў: ці сапраўды творчая дзейнасць павінна заставацца ў баку ад палітычных працэсаў? І як тады мастацтва і палітыка павінны суіснаваць паміж сабой?
На пытанне адказвали: Таша Кацуба, Алёна Гайдук, SUPER BESSE, Mustelide, Усевалад Швайба.


Таша Кацуба
"Good riot policemen", 2020
Таша Кацуба, мастачка:
Вядома ж, творчасць, як і мастацтва, можа быць па-за палітыкай, нават, я б сказала, павінна. Для мяне творчасць заўсёды была па-за знешніх абставінаў і «рамак», і на маю дзейнасць палітыка ніколі не ўплывала. У мяне мова пра іншае, пра тое, што мне здаецца больш важным, але гэта асабіста ў мяне так.
Цяпер, канешне, я адчуваю дзікую несправядлівасць і жорсткасць, і самае хуёвае, быццам нічога немагчыма змяніць, мы быццам не маем вагі, голасу, слова, правоў. Усе свае пачуцці я праецырую і выліваю ў творчасць, так што цяпер нейкія рэчы натуральна нарадзіліся з-за ўсяго таго, што адбываецца. Я б вельмі хацела, каб гэтая тэма мяне і многіх з нас перастала хваляваць, цалкам адпусціла, увесь свет. Такая ўтапічная канцэпцыя, нешта накшталт абуджэння ўсіх людзей ад усяго матэрыяльнага, каб успомніць пра сапраўдныя каштоўнасці.

Алена Гайдук; Ph: Секция N
Алёна Гайдук, стваральніца і арганізатарка «Ззяння», менеджэрка постпанк дуэта Nürnberg, мастачка:
Калі браць падзеі, якія адбываюцца ў нас у краіне, то яны ўжо даўно выйшлі за рамкі проста палітыкі. Уся гэтая сістэма пранікла ва ўсе без выключэння сферы жыцця. Не ведаць, што цяпер адбываецца, проста немагчыма. Мастаку і любому чалавеку творчай прафесіі не пазбегнуць гэтай інфармацыі. Часта творчыя людзі адчуваюць тое, што адбываецца вакол яшчэ вастрэй і танчэй, улоўліваюць вібрацыі, якія нябачна насычаюць паветра сваім напалам. Адчуванне распаленай прасторы і нагнятальнай атмасферы паўплывала на многіх маіх сяброў. Чулліваму чалавеку складана вытрымаць эмацыйнае напружанне, таму многія вырашаюць выказацца і падзяліцца сваім бачаннем сітуацыі менавіта праз творчасць. У кагосьці гэта выліваецца ў маштабныя праекты, хтосьці робіць фотарэпартаж, а камусьці дастаткова зрабіць пару занатовак сабе ў нататнік або напісаць у сацыяльных сетках думкі з нагоды адчування сябе ў прасторы пад назвай Беларусь.
Але ёсць і зваротны працэс, а менавіта: поўнае заміранне, блакіраванне дзеяння. Многія падзеі гэтага лета проста спынілі творчасць некаторых людзей, і не толькі творчасць, але і паўсядзённае жыццё. Ужо немагчыма проста спакойна спаць, у сны пранікаюць падзеі з жыцця альбо ўбачаныя на экране. Пасля таго, як ты не адну ноч прачынаўся ад жахаў, перанесеных з рэальнасці ў сон, табе ўжо не хапае спакою і канцэнтрацыі, каб прыступіць, напрыклад, да напісання карціны.

Алена Гайдук на протесте, 2012.
Мне прыемна і радасна, што большасць натхнілася, загартавалася, раззлавалася і адчула сілу для таго, каб выказацца, выстаўляцца, рабіць у тым ліку палітычныя праекты. Прыемна, што ў Еўропе і Амерыцы на гэтай глебе былі і ёсць выставы беларускага мастацтва, што яны прыцягваюць увагу замежнай публікі, але не варта не заўважаць, што многія беларускія мастакі і без палітычных матываў вартыя залаў еўрапейскіх галерэй і не з'яўляюцца другагатункавым мастацтвам.
Спадзяюся, што з усяго гэтага мы вылучым пазітыўнае — творчы сацыяльны парыў, які падштурхнуў многіх на крэатыў, выражэнне сябе ў мастацтве і абдумванне сябе ў гэтым свеце: хто ж я ёсць у грамадстве і хто я сам сам-насам з сабой? Трансфармацыя, якая адбылася за апошнія месяцы, змяніла кожнага. Гэта крызіс, які многім пакажа сябе з другога боку, і адкрые новыя шляхі рэалізацыі ў свеце.
.jpg)
Максім Кульша, музы́ка (SUPER BESSE):
Творчасць адназначна можа існаваць па-за падзеямі, якія адбываюцца ў краіне, за акном, унутры сям'і артыста, і гэтак далей. Не скажу, што такі эскапізм - гэта дрэнна. Проста хтосьці звязвае творчасць з штодзённай навіновай позвай, а хтосьці не звязвае.
Усё залежыць ад палітыкі і творчага асяроддзя канкрэтнай вобласці. Калі маецца на ўвазе Рэспубліка Беларусь, то той тэрор і фашызм, які паўстаў зараз, вельмі моцна ўплывае на большасць людзей. Складана пазбегнуць гэтага ўплыву, абстрагавацца для заняткаў творчасцю, яна можа быць не звязана з гвалтам, які адбываецца ў краіне. Тым не менш, для артыстаў, якія звязваюць творчасць з паўсядзённым жыццём і праблемамі навакольнага соцыума, тут усё ясна: як і пра што ствараць.


Наталля Куніцкая, музы́ка (Mustelide):
Творчасць можа існаваць як у рамках нейкіх падзей, так і па-за існуючай рэальнасцю, усё залежыць ад таго, для чаго аўтар стварае нешта, і ці ўсведамляе наогул адказ на гэтае пытанне. Мне асабіста бліжэй сяброўства несвядомага і творчасці. Часам гэта як уцёкі ад прыгнятальнай або звыклай рэчаіснасці, магчымасць стварыць паралельны свет, змяняць яго такім спосабам, напаўняць фарбамі. А бывае, што творчасць — гэта своеасаблівая перапрацоўка інфармацыі. Аўтар не заўсёды можа ці хоча абстрагавацца ад падзей, якія адбываюцца, і тады яму альбо зусім не хочацца тварыць, альбо гэта аддаецца крыкам душы, спачуваннем і болем, якія праяўляюцца ў пратэстным мастацтве. Гэта ўсё вельмі індывідуальна. У творчасці, на мой погляд, непрыстасавальна паняцце «павінен», гэта тэрыторыя свабоды.
Мы існуем у розных кантэкстах, і ўсё адштурхоўваецца ад іх. Быць грамадзянінам — гэта адзін кантэкст, пэўная мова, роля, а творчасць — гэта іншы кантэкст, які значна шырэйшы і выказвае пазіцыю чалавека не толькі як грамадзяніна. Калі чалавек за свабоду, за праўду, за любоў, няважна, якім спосаб гэта будзе выяўляцца, мова можа быць зусім рознай.
Калі тварэнне нараджаецца з-за нейкіх непераадольных пачуццяў, эмоцый і ідэй, і з'яўляецца вынікам гэтых перажыванняў, то ўсё атрымліваецца натуральна, важна і праўдзіва. Калі ж гэта - ад галавы і з наўмысным жаданнем даць людзям тое, што яны хочуць, або з-за пачуцця абавязку, віны, з-за жадання прыцягнуць увагу, то гэта падобна больш на спекуляцыю.

Усевалад Швайба, мастак, графік, выкладчык ДІКСТ БГУ, саліст камернага хору Salutaris:
Кожны творчы чалавек павінен выбіраць для сябе сам — хтосьці працуе на палітыку, яго гэта кранае, і ён выплюхвае гэта ў сваёй творчасці. Як той жа Свірыдаў («Час наперад») — гэта таксама палітыка. Што такое палітыка наогул? Гэта перакананні, ідэалогія, вера. І кожны верыць у сваё. Хтосьці верыць у часовыя рэчы: барацьба класаў, дэмакратыя; хтосьці — у вечныя... Гэта не значыць, што часовыя не ўплываюць на светапогляд тых, хто верыць у вечнае. Тут важны акцэнт, прыярытэт - усё роўна ж мы жывем у гэтай палітыцы, грошы ўплываюць на нас, сацыяльныя рэчы. Так, напрыклад, рэпетыцыю можна скасаваць, калі праз пратэсты немагчыма дабрацца да месца (мы размаўлялі з Усеваладам непасрэдна перад рэпетыцыяй хору Salutaris), але Бах вечны, і рэпеціраваць ты можаш і ў сябе ў галаве — але гэта ў выпадку, калі ты музыка, які не залежыць ад калектыву. Мастак – амаль незалежны творца, які можа зачыніцца ў сябе ў каморцы, у самім сабе, тварыць свае рэчы.
Што павінна адбыцца ў тваім жыцці, каб ты стварыў працу на палітычную тэму, адкрыта выказаўся пра проиходящем?
Палітыка мне не зусім цікавая. Мне ўсё ж такі хочацца даследаваць прыгажосць чалавека: унутраную і знешнюю, яго разважанні, яго ў кантэксце вечнасці, што такое свядомасць, што такое чалавек, і што ён у сабе нясе. Усё роўна пра палітыку можна сказаць іншасказальна, бо палітыка ў прынцыпе – гэта барацьба нізіннага і высокага пачатку, гэта ўсё можна звярнуць у вечную тэматыку, убачыць у малым вялікае — мне цікава менавіта так бачыць гэта.
На мой погляд, свабоду людзям трэба даваць у творчым плане. Калі ёсць мноства гурткоў, той жа ДК, курсы... А калі гэта знешняе... Тут заўсёды ёсць перагібы, і тыя, хто гэтым карыстаецца, гэтым спекулююць. Я больш за ўнутраную свабоду — пры любым рэжыме, нават у сярэднявечнай феадальнай дзяржаве былі і будуць людзі, якія працуюць у сваёй унутранай свабодзе.
У якім выпадку пратэстны арт — шчыры творчы парыў, а ў якім — спекуляцыя і хайп?
Цяпер складана сказаць [у якім выпадку пратэстны арт — шчыры творчы парыў, а ў якім спекуляцыя]. Шчырасць гэтых перакананняў праяўляецца тады, калі няма гэтых падзей. Напрыклад, падзеі прайшлі, а чалавек да гэтага часу спавядае свае перакананні. Не падчас — у такі перыяд з'яўляецца шмат людзей, якія на гэтым зарабляюць, у тым ліку і папулярнасць.
Насамрэч, дакладны адказ на пытанне, ці можа мастацтва заставацца па-за палітыкай, не могуць даць нават тыя творчыя асобы, якія актыўна выказваліся і ўдзельнічалі ў падзеях апошніх месяцаў нашай краіны. І не толькі яны - гісторыя ведае шмат прэцэдэнтаў, калі творчая супольнасць жыла быццам паралельным жыццём з палітычнымі падзеямі ў краіне. І наадварот, калі яны актыўна ўдзельнічаюць у палітычных падзеях, становяцца палітычнымі лідарамі, праз сваю творчасць намагаюцца данесці хвалюючыя іх рэчы. Хто ў гэтай сітуацыі (не)правы?
Магчыма, ніхто. Сапраўды, кожны павінен выбіраць сам для сябе…
Складанасць гэтага пытання для творчага, як і для любога іншага чалавека ў тым, што тут перасякаюцца пытанні сумлення і адказнасці, страху і неабыякавасці, шмат іншых этычных чыннікаў. Але чалавек мастацтва часта чалавек публічны, таму ягоныя выказванні і дзеянні (ці іх адсутнасць) могуць непасрэдна ўплываць не толькі на людзей, якія сочаць за ім, але і адбівацца на яго творчасці, яе ўспрыманні публікай.